Якуб Колас - класік беларускай літаратуры
Раю паглядзець відэаролік
https://www.youtube.com/watch?v=GNvCm0tK9gw
Нарадзіўся Якуб Колас (Канстанцін Міцкевіч) 3 лістапада 1882 г. у вёсцы Акінчыцы на Стаўбцоўшчыне ў сям'і лесніка. У той час у Акінчыцах было каля 10 сялянскіх двароў, дом ляснічага, канцылярыя лясніцтва. Бацька Коласа Міхала Казіміравіч Міцкевіч працаваў лесніком акінчыцкай каморы ў лясніцтве польскага магната кн. Радзівіла.
Акінчыцы. Лясная камора |
У 1883 г. сям'я Міцкевічаў перабіраецца з Акінчыц>* у Ласток (Сухошчына), дзе жыве да 1890 г. Разам са старэйшымі братамі Уладзем і Алесем Колас вучыцца ў вандроўнага настаўніка – Алеся Фурсевіча. З 1892 г. – у Мікалаеўшчынскай пачатковай школе, дзе захапляецца байкамі Крылова, вершамі Пушкіна, апавяданнямі Гогаля. Знаёміцца з вершамі Лермантава, Жукоўскага, Някрасава, казкамі і апавяданнямі Л.Талстога, з творамі (у рукапісе) на беларускай мове (вершы Янкі Лучыны).
У 1894 г. з’яўляюцца першыя літаратурныя вопыты — байка «Лисица и ворона», верш «Вясна».
«У Альбуці, калі мне было 12 гадоў, я пачаў прабаваць і свае літаратурныя сілы. Памятаю, прачытаў бацьку свой верш «Вясна». Ён праслухаў уважліва, потым запытаў, ці праўда, што гэта напісаў я, і даў рубель гасцінца».
Пасля заканчэння народнай школы жыве ў Альбуці, дапамагае бацькам у гаспадарцы. Рыхтуецца да паступлення ў настаўніцкую семінарыю. Чытае Пушкіна, Лермантава, Гогаля, Кальцова… Прыблізна ў 1896—1897 гг. напісаны твор «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле». У аўтографе ёсць паметка: Запісаў Карусь Лапаць.
У жніўні 1898 г. паступае ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Пасля яе заканчэння (1902 г.) працуе настаўнікам на Палессі і Міншчыне (1902-1906). За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з'ездзе быў звольнены (1906). Зімой 1906-1907 гг. жыў ва ўрочышчы Смольня, вёў прыватную школу. У 1907 г. працаваў у газеце «Наша ніва» ў Вільні, у 1908 г. - у прыватнай школе ў вёсцы Сані Талачынскага раёна. 15.09.1908 г. за ўдзел у настаўніцкім з'ездзе і нелегальную работу быў асуджаны на тры гады, адбываў пакаранне ў мінскім астрозе. У 1912-1914 гг. працаваў настаўнікам у 3-ім прыходскім вучылішчы ў Пінску. У час першай імперыялістычнай вайны разам з сям'ёй эвакуіраваўся ў Дзмітраўскі павет Маскоўскай губерні, настаўнічаў у сяле Старыкава. Быў мабілізаваны ў армію (верасень 1915). Скончыў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча (Масква, 1916). Служыў у запасным палку ў Пермі. Летам 1917 г. накіраваны на Румынскі фронт, але цяжка захварэў і быў эвакуіраваны ў горад Абаянь. Па дэкрэце Савецкага ўрада ў пачатку 1918 г. звольнены з войска як настаўнік. Працаваў на Куршчыне настаўнікам, школьным інструктарам. Па выкліку ўрада БССР у маі 1921 г. пераехаў у Мінск. Выкладаў у Мінскім беларускім педагагічным тэхнікуме, у Беларускім дзяржаўным універсітэце, чытаў лекцыі на курсах настаўнікаў, займаўся навуковай дзейнасцю ў Інстытуце беларускай культуры.
З дня ўтварэння АН БССР (1 студзеня 1929 г.) быў яе нязменным віцэ-прэзідэнтам. У 1935 г. удзельнічаў у рабоце Кангрэса ў абарону культуры ў Парыжы. У Вялікую Айчынную вайну жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце (жнівень 1941 - лістапад 1943), Маскве, займаўся творчай і навукова-грамадскай дзейнасцю. У снежні 1944 г. вярнуўся ў Мінск.
Быў сябрам ЦВК БССР (1929-1931, 1935-1938), дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1946-1956) і БССР (1938-1956), з'яўляўся старшынёй Беларускага рэспубліканскага камітэта абароны міру. Акадэмік АН БССР.
Узнагароджаны пяццю ордэнамі Леніна, ордэнамі Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.
Народны паэт БССР (1926). Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1944).
Выйшлі Зборы твораў у 7-мі (1952), 12-ці (1961-1964), 14-ці (1972-1978) тамах. Неаднаразова перавыдаваліся Выбраныя творы (апавяданні, вершы і паэмы).
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946) за вершы ваеннага часу, Дзяржаўнай прэміі СССР (1949) за паэму «Рыбакова хата».
Колас выступаў як паэт, празаік, драматург, дзіцячы пісьменнік і педагог, публіцыст, крытык, перакладчык. Памёр у 1956 г .