Сустрэча ўдзельнікаў дыскусійнага клуба "Словадром"
25 верасня 2019 года распачаўся новы сезон у гродзенскім грамадска-дыскусійным клубе “Словадром”, у якім прымаюць актыўны ўдзел старшакласнікі з нашай школы. Тэма першага паседжання – “Мэта нашага жыцця”. Наведвальнікі клуба распавялі пра свае меркаванні наконт размежавання паняццяў “мэта жыцця” і “сэнс жыцця”, мэтаў асабістых, грамадзянскіх і дзяржаўных. Не абмінулі і такое паняцце, як мэта ўстойлівага развіцця Беларусі.
Кандыдат гістарычных навук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі У.Я. Ягорычаў падзяліўся вопытам пастаноўкі і дасягнення мэтаў на розных этапах свайго жыцця. А.В. Руцкая, паэтэса, член СПБ, вядомы метадыст і літаратуразнавец, расказала ўласную гісторыю і зрабіла спасылку на класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа, які пісаў: “Чалавек жыве дзеля дабра…”. Падчас дыспуту ў канферэнц-зале абласной бібліятэкі імя Я. Карскага гучала шмат вершаў-споведзяў, вершаў-прызнанняў. Усіх дыспутантаў аб’ядноўвала ідэя адраджэння роднай мовы, павышэння нацыянальнай самаацэнкі беларусаў.
Пераважная большасць удзельнікаў ужо мела вялікі жыццёвы вопыт, і іх вельмі цікавіла пытанне: якія ж мэты ставіць перад сабой сучаснае маладое пакаленне? На гэтае пытанне вельмі прыстойна адказала вучаніца 10 “А” класа нашай школы Архіпава Віялета, адзначыўшы, што для яе самае важнае на сённяшні момант – знайсці сябе, раскрыць увесь свой патэнцыял і разумець, чым бы хацелася займацца ўсё сваё жыццё, каб кожны дзень з вялікім задавальненнем хадзіць на працу, каб яна стала для яе сапраўнай і любімай справай. За свой выступ Віта атрымала ўсеагульнае адабрэнне і была ўзнагароджана бурнымі апладысментамі.
Дзве гадзіны дыскусіі прайшлі незаўважна. Напрыканцы сустрэчы па традыцыі ўсе сышліся для агульнага фотаздымка.