Перазвонаўцы ў літаратурнай школе: тэма твора як мастацкая з’ява
19 лютага ў грамадскай літаратурнай школе Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” прайшлі чарговыя заняткі “Тэма твора як мастацкая з’ява”. На іх, акрамя прафесійных і самадзейных пісьменнікаў, прысутнічалі і ўдзельнікі школьнай літаратурнай суполкі “Альшанскі перазвон”. Заняткі складаліся з трох блокаў: тэарэтычнага, практычнага і аналітычнага.
Слухачы мелі магчымасць стварыць уласную мініяцюру і паспрабавалі на практыцы разабрацца, што неабходна аўтару для раскрыцця тэмы, што такое тэма як паняцце тэорыі літаратуры і як элемент зместу твора. З дапамогай Дзмітрыя Радзівончыка і Людмілы Кебіч вызначалі і пералічалі спосабы раскрыцця тэмы, мастацкія прыёмы і сродкі, што неабходны для яе раскрыцця, у кожным прадстаўленым экспромце. Адказалі на пытанні “Якія тэмы называюць вечнымі, канкрэтна-гістарычнымі, універсальнымі?”
Вядома, не абышлі самыя хвалюючыя і актуальныя тэмы роднай мовы і Вялікай Айчыннай вайны. Большасць экспромтаў былі прысвечаны менавіта гэтым тэмам. Напрыканцы вядучы і слухачы прыйшлі да высновы аб тым, што ваенна-патрыятычная і грамадзянская тэмы для пісьменнікаў Беларусі з’яўляюцца вызначальнымі і вечнымі.