На творчай сустрэчы з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтам з Ваўкавышчыны Мікалаем Іваноўскім
У чытальнай зале школьнай бібліятэкі адбылася творчая сустрэча ўдзельнікаў літаратурнай суполкі “Альшанскі перазвон” і іншых зацікаўленых вучняў V, X класаў з вядомым ваўкавыскім паэтам Мікалаем Іваноўскім.
Яго паэзія, простая і даступная, як акраец духмянага хлеба, чыстая і сакавітая, як лясная крыніца, праўдзівая і шчырая, як матчына песня, не пакінула раўнадушным ніводнае дзіцячае сэрца. Пацверджаннем таму была вялікая колькасць пытанняў асабістага характару, якія былі зададзены вучнямі майстру слова падчас сустрэчы. Перазвонаўцы прачыталі паэту некалькі сваіх вершаў і атрымалі параду працягваць пісаць па-беларуску, каб роднае слова ішло побач з імі па жыцці.
Мікалай Іваноўскі пасля сустрэчы з вучнямі завітаў у адкрытую этнаграфічную экспазіцыю “Святло роднай хаты” і кабінет-музей “Літаратурны Гродна”, пакінуўшы ў альбоме для наведвальнікаў памятны запіс і зборнік сваіх вершаў “Сцяжыны дзяцінства” з уласным аўтографам.
Спадзяёмся, што майстар слова стане сябрам нашай школы і яшчэ не раз завітае да нас з новымі сваімі творамі.