О нас пишут: "Школа, дзе вучаць поспеху"
“З паспяховай школы — у паспяховае жыццё” — пад такім дэвізам працуе калектыў сярэдняй школы № 39 імя І.Д.Лебедзева Гродна і вызначае як прыярытэты высокую якасць адукацыі, стварэнне атмасферы творчасці, клопат аб ахове і захаванні здароўя выхаванцаў, фарміраванне ў навучэнцаў актыўнай жыццёвай пазіцыі, выхаванне патрыятызму і талерантнасці.
Школа мае свае адметнасці. Яна пачала працаваць у 2014 годзе і стала першай навучальнай установай у Альшанцы, новым буйным мікрараёне Гродна. Таму нядзіўна, што вучыцца тут пачалі больш за тры тысячы чалавек. Зараз у 93 класах вучацца 2246 навучэнцаў — у мікрараёне пабудавалі яшчэ адну школу, і гэта дазволіла “разгрузіць” 39-ю.
У школе 33 вучэбныя кабінеты, два камп’ютарныя класы, 6 лінгафонных кабінетаў, актавая і спартыўная залы, стадыён, два тэнісныя корты, трэнажорная зала, басейн, сталовая, медыцынскі і стаматалагічны кабінеты. Дзейнічаюць 28 гурткоў рознай накіраванасці: танцавальны, вакальны, тэатральны, выяўленчага мастацтва; спартыўныя секцыі па баскетболе, валейболе, футболе, гандболе, тэнісе, плаванні, барацьбе, цяжкай і лёгкай атлетыцы. На базе школы адкрыты філіялы музычнай школы № 1 Гродна і чатырох спартыўных школ: па цяжкай атлетыцы, вольнай барацьбе, плаванні, гандболе.