Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 24 человека

"Настаўніцкая газета" пра нас

Дата: 19 мая 2022 в 11:20, Обновлено 19 мая 2022 в 13:30
Автор: Шумель Н. В.
454 просмотра

Сярэдняя школа № 39 імя І.Д.Лебедзева Гродна стала сацыякультурным цэнтрам новага мікрараёна Альшанка.

Будаўніцтва новага мікрараёна пачалося ў 2014 годзе, разам са шматпавярховікамі сталі расці і паверхі школы. На той час тут не было іншых устаноў адукацыі, ды і ўвогуле месцаў для правядзення вольнага часу. Нядзіўна, што менавіта школа з яе спартыўнымі заламі, басейнам, трэнажорнымі пляцоўкамі і тэніснымі кортамі стала для жыхароў мікрараёна месцам, дзе можна цікава і з карысцю, і што немалаважна, разам са сваімі дзецьмі правесці час.

На сённяшні дзень у Альшанцы 35 тысяч жыхароў, сярод іх каля 7 тысяч дзяцей. Нягледзячы на тое, што з часам у мікрараёне з’явілася яшчэ адна школа, спартыўныя і культурныя ўстановы, сярэдняя школа № 39 імя І.Д.Лебедзева не страціла свой статус цэнтра, вакол якога збіраюцца дзеці і дарослыя. Гэта адна з самых вялікіх школ у Гродне і нават у краіне, дзе ў 91 класе — 2500 вучняў.

— Наша школа стала сацыя­культурным цэнтрам не толькі для дзяцей, але і для дарослых жыхароў мікрараёна, а гэта ў асноўным маладыя сем’і, — расказала дырэктар сярэдняй школы № 39 імя І.Д.Лебедзева Гродна Аксана Анатольеўна Пятрова. — У школе вучацца дзеці з 390 мнага­дзет­ных сем’яў. Наша мэта — ства­рыць умовы для іх паўнавартаснага развіцця. Школа супрацоўнічае са многімі культурна-асветніцкімі і спартыўнымі ўстановамі абласнога цэнтра, з ГрДУ імя Янкі Купалы. На нашай базе дзеці мо­гуць прафесійна займацца спортам, у чым дапамагаюць спартыўныя школы горада, а таксама музыкай — адкрыты філіял гарадской музычнай школы.

Жыхары мікрараёна не заўсёды маюць магчымасць наведваць выставы, музеі, спартыўныя пляцоўкі ў цэнтры горада. Таму менавіта школа, маючы каштоўныя кадравыя рэсурсы і неабходную матэрыяльна-тэхнічную базу, прыходзіць на дапамогу ў такім важным пытанні, як сацыякультурнае жыццё дзяцей і дарослых. Асноўная ідэя цэнтра ў тым, каб людзі хацелі прыходзіць сюды зноў і зноў, каб мамы і таты ішлі ўслед за дзецьмі ў школу: на заняткі, трэнінгі,
у спартзалу.

Як школа дае магчы­масць не толькі развівацца дзецям з мнагадзетнай сям’і, але і ра­­біць гэта разам са сваімі бацькамі, можна прасачыць на пры­кла­дзе сям’і Юхнік. З пяці дзетак трое сёння школьнікі. Старэйшая Нас­тасся з’яўляецца актывісткай БРПА, была запрошана на навагодні баль у Палац Незалежнасці. Дзяўчынка таксама займаецца дзюдо. Дарэчы, спортам у сям’і Юхнік захапляюцца ўсе, немалая заслуга ў гэтым бацькі Андрэя.

Творчая Альшанка

Другакласнік Мікалай іграе на цымбалах. А пяцікласнік Міхаіл разам з татам і мамай прымае ўдзел у спартыўных спаборніцтвах па плаванні, у гэтым годзе яны занялі 2-е месца на абласным этапе. І нават маленькая Ульяна, якая пакуль хо­дзіць у дзіцячы сад, паспявае наведваць танцавальную студыю “Татэм” на базе школы. Мама Вольга — жаданы ­госць не толькі ў класах, дзе вучацца яе дзеці. На майстар-класы па расфарбоўцы пернікаў, якія яна сама пячэ і прыносіць у школу, запрашаюць і ў іншыя класы. Усе разам — бацькі і дзеці — у мінулым годзе прадстаўлялі Гродзеншчыну на мерапрыемствах з нагоды Міжнароднага дня абароны дзяцей у Палацы Незалежнасці. А зусім нядаўна сям’я Юхнік атрымала перамогу на раённым этапе рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года” і будзе абараняць гонар Кастрычніцкага раёна Гродна на абласным этапе.

Мнагадзетная сям’я педагогаў Андрэя і Настассі Карабанавых пабудавала ў новым мікрараёне жыллё з дзяржпадтрымкаю, калі тут яшчэ не было школы. Андрэй Аляксандравіч прыйшоў у школу настаўнікам англійскай мовы з першых дзён яе адкрыцця. Тут жа працуе настаўнікам працоўнага навучання і Настасся Аляксееўна. Разам яны выхоўваюць пяцярых дзяцей. Старэйшы сын Раман вучыўся ў сярэдняй школе № 39, а цяпер першакурснік Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага. Сённяшнія школьнікі Міша і Павел паспяваюць не толькі вучыцца. Адзін займаецца бальнымі танцамі, другі — маляваннем. Як падрастуць дзяўчынкі Святлана і Вераніка, таксама пойдуць у школу, дзе працуюць іх бацькі. Анд­рэй Аляксандравіч расказаў, што яго бабуля была загадчыцай дзіцячага сада, тата — доктарам педагагічных навук, а мама працавала ў педкаледжы. У сям’і Настассі Аляксееўны таксама педагогі бабуля, дзядзька і цётка, сястра.

Добрыя магчымасці створаны для прыхільнікаў спорту, здаровага ладу жыцця. На базе ўстановы адукацыі працуюць тры спартыўныя школы. Ёсць асобныя залы цяжкай атлетыкі, вольнай барацьбы, цудоўны басейн. І школьнікі могуць пахваліцца дасягненнямі на ўзроўні рэспублікі, удзелам у міжнародных спаборніцтвах. Дарэчы, пераможцамі гарадскіх, раённых і абласных спаборніцтваў становяцца не толькі навучэнцы, але цэлыя сем’і, калі разам выступаюць тата, мама і дзіця. Школа таксама стала базавай пляцоўкай для правядзення спартыўных мерапрыемстваў, турніраў, якія аб’ядноўваюць дзяцей, бацькоў і настаўнікаў. Заняткі арганізоўваюцца з улікам інтарэсаў і захап­ленняў дзяцей і бацькоў, а яны любяць гуляць у баскетбол, валейбол, футбол, вялікі і настольны тэніс, зай­мацца аэробікай, шэйпінгам і шахматамі, наведваць трэнажорную залу і басейн.

<blockquote>

Школа № 39 Гродна сёння стала сапраўдным цэнтрам не толькі адукацыйнага, але і культурнага, спартыўнага жыцця цэлага мікрараёна.

</blockquote>

Самі бацькі сталі ініцыятарамі стварэння, як яны яго назвалі, таварыс­тва спартыўных людзей “Здаровая Альшанка”, дзе разам са сваімі дзецьмі займаюцца на базе школы спортам. Як расказаў арганізатар таварыства бацька дзвюх школьніц Дзмітрый Кончыц, яшчэ пяць гадоў назад група дарослых летам пачала гу­ляць у валейбол на школьнай пляцоўцы. З надыходам халадоў звярнуліся да адміністрацыі ўстановы адукацыі па дапамогу, і яна пайшла насустрач. Цяпер дарослыя ў выхадныя дні арандуюць спартыўную залу і гуляюць у валейбол, бяруць з сабой і дзяцей. “Гэта блізка, камфортна, нікуды далёка ехаць не трэба”, — адзнача­юць бацькі школьнікаў.

Цэнтрам літаратурнай творчасці ў школе стаў кабінет-музей “Літаратурнае Гродна”, аб’яднаўшы школьнікаў і дарослых, якія захапляюцца вершаваным радком і нават самі пішуць вершы.

— Яшчэ ў 2018 годзе мы выпусцілі першы зборнік вершаў “Альшанскі перазвон”, прысвечаны Году малой радзімы, — расказала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Эма Уладзіміраўна Уруб­леўская. — У якасці ілюстрацый выкарысталі малюнкі дзяцей. На прэзентацыю запрасілі членаў Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьмен­нікаў Беларусі, з таго часу і пачалося наша супрацоўніцтва. Пасля першага амаль штогод выпускаем па зборніку, цяпер рыхтуем да друку чацвёрты “Альшанскі перазвон”. Аўтарамі вершаў выступаюць не толькі навучэнцы школы, але і настаўнікі, нават бабуля адной школьніцы прысвяціла верш нашай школе. Ёсць у нас і свае зорачкі. Напрыклад, Ніка Статкевіч у мінулым годзе стала дыпламантам Міжнароднага маладзёжнага фестывалю-конкурсу паэзіі і паэтычных перакладаў “Берагі дружбы”. Бацькі школьнікаў не толькі падтрымліваюць захапленне сваіх дзяцей, але і заўсёды прыходзяць на прэзентацыю зборнікаў, дапамагаюць ва ўсім.

У школе створаны клуб “Бацькоўства на 5+”, дзе дарослыя атрымліваюць кваліфікаваныя кансультацыі і практычную дапамогу па пытаннях выхавання і развіцця дзяцей, ма­юць магчымасць абмяняцца вопытам.

Цікава, што з 2018 па 2021 год школа ўдзельнічала ў рэалізацыі рэспуб­ліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці навучэнцаў: інтэграцыя вучэбнай і пазавучэбнай дзейнасці ўстановы адукацыі — сацыякультурнага цэнтра рэгіёна”. З мэтай стварэння асаблівага асяроддзя, узмацнення імкнення вучняў да фарміравання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці была сфарміравана сетка дадатковай адукацыі. Цяпер тут працуюць аб’яднанні па інта­рэсах “Беларуская батлейка”, “Вершаваная музыка”, “Гродназнаўства” і “Айчына”, клуб юных гісторыкаў “Мая Альшанка”, пошукавы клуб “Абаронца Айчыны”. Школьнікі наведва­юць творчую лабараторыю “Чароўная лялька”, секцыю “Краязнаўства” ў рамках навуковага таварыства навучэнцаў “Пошук”, клуб “Правазнаўцы”, лабараторыю для юных даследчыкаў “Ад пошуку да ісціны”. Педагогі дадатковай адукацыі цэнтраў “Прамень” і “Спектр” право­дзяць заняткі на базе школы. А майс­тар-класы па дэкаратыўна-прыкладной творчасці арганізоўваюцца не толькі для навучэнцаў і іх бацькоў, але і для жыхароў усяго
мікрараёна.

Не ўсе бацькі з-за занятасці могуць забяспе­чыць адпачынак сваім дзецям на працягу летніх канікул. І ў гэтым ім таксама дапамагае школа: на яе базе арганізуецца летні адпачынак, насычаны цікавымі і займальнымі экскурсіямі і конкурсамі.

Школа № 39 Гродна сёння стала сапраўдным цэнтрам не толькі адукацыйнага, але і культурнага, спартыўнага жыцця цэлага мікрараёна. І ўсё дзякуючы таму, што тут працуюць не толькі добрыя настаўнікі, але і сучасныя кіраўнікі-прафесіяналы.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.