Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 24 человека

Пасяджэнне грамадскага дыскусійнага клуба “Словадром”

Дата: 7 ноября 2018 в 05:01, Обновлено 7 ноября 2018 в 05:17
Автор: Качан С. В.
3 990 просмотров

31.10.2018 г. у канферэнц-зале Гродзенскай абласной бібліятэкі імя Я. Карскага адбылося чарговае пасяджэнне грамадскага дыскусійнага клуба “Словадром”, у якім прынялі ўдзел кіраўнік нашай школьнай літаратурнай суполкі “Альшанскі перазвон” Урублеўская Э.У. са сваімі выхаванцамі – вучнямі 9-ых класаў. Тэма, як і заўсёды, была цікавая – “Імёны і псеўданімы”. Вяла дыскусію на гэты раз старшыня Гродзенскага філіяла ГА “СПБ” Л.А.Кебіч.

Пачала яна са свайго верша і запрасіла ўдзельнікаў дыскусіі найперш расказаць пра гісторыю свайго імені, што яно значыць, якую ролю адыгрывае, ці падабаецца, ці дапамагае ўладальніку па жыцці. Некалькі ўдзельнікаў падзяліліся ўласнымі цікавымі гісторыямі, з якіх даведаліся, што раней людзі выбіралі імя, улічваючы значэнне слова, пад уражаннем ад герояў прачытаных твораў, ад цікавых лёсаў вядомых людзей. Гродзенская паэтка і выкладчыца літаратуры ГрДУ імя Я. Купалы А.В.Руцкая паведаміла гісторыю імені беларускага байкапісца К. Крапівы, Зоські Верас. Была зроблена выснова пра тое, што спачатку чалавек павінен зрабіць сабе імя, каб потым яно працавала на чалавека. І трэба заўжды памятаць пра тое, што за імем кожнага свая сям’я, свой род, таму трэба берагчы сваё добрае імя. Паступова гутарка перайшла да псеўданімаў. Удзельнікі спрабавалі абмяняцца думкамі пра прычыны ўзнікнення  псеўданімаў, пра тое, якім чынам яны з’яўляюцца, хто хаваецца пад вядомымі псеўданімамі. Удзельнікі прыгадалі цікавыя гісторыі ўзнікнення псеўданімаў беларускіх літаратараў. Падчас дыскусіі была выказана слушная думка пра тое, што сусветная практыка падбору трапных псеўданімаў, якія б адпавядалі і нацыянальнаму паходжанню, і грамадзянскім і эстэтычным поглядам, і роду дзейнасці чалавека, павінна павучыцца менавіта ў беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Янкі Маўра, Кузьмы Чорнага, Змітрака Бядулі, Цёткі і інш. Гродзенская пісьменніца Ліна Багданава растлумачыла, чаму ёй прыйшлося падпісвацца псеўданімам, на падставе чаго ствараўся яе псеўданім. Цікавая дыскусія ўзнікла пра сучасныя тэндэнцыі піяр-тэхналогій, якімі карыстаюцца некаторыя артысты, каб хутка, без асаблівых намаганняў стаць вядомымі. Крытыцы падверглася жаданне некаторых псеўдатворцаў спачатку стварыць сабе скандальнае імя, дзеля прыцягнення найбольшай колькасці цікаўных, а потым засланяць скандальна вядомым псеўданімам сваю творчасць нізкага гатунку.

Напрыканцы дыскусіі кожны з удзельнікаў паспрабаваў прыдумаць сабе псеўданім, а вядучая пажадала ўсім даражыць сваім іменем, памятаць пра свае карані, бацькоў, ганарыцца імі і несці высока імя свайго роду на сваёй роднай зямлі.

Дзве гадзіны дыскусіі праляцелі незаўважна, пакінуўшы пасля сябе прыемныя ўражанні ад гучання прыгожага беларускага слова, мудрых разважанняў дыспутантаў, магчымасці на роўных з інтэлектуаламі ўдзельнічаць у дыскусіі.

 

 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.