Нашы дзесяцікласнікі на трэцім крэатоне “Першыя ідэі: тэхналогіі” ў Гродна
З 8 кастрычніка 2019 года па 8 сакавіка 2020 ў Беларусі праходзіць сацыяльна-адукацыйны праект «Першыя» – конкурс яскравых ідэй пакалення Z: навучэнцаў 9, 10 і 11-х класаў. На працягу навучальнага года ўдзельнікі праекта маюць магчымасць раcпрацоўваць сваю ідэю, развіваць навыкі публічнага выступлення і самапрэзентацыі, атрымліваць карысныя веды на воркшопах і сустрэчах з экспертамі. 10 фіналістаў праекта, якіх абярэ журы, атрымаюць персанальных ментараў TEDx і з іх дапамогай будуць рыхтавацца да свайго вялікага публічнага выступу на маштабнай моладзевай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk. Менавіта гэтыя 10 фіналістаў выйдуць у знакаміты чырвоны круг TED і прэзентуюць свае ідэі перад вялікай аўдыторыяй. Усе яны атрымаюць прызы – смартфоны iPhone Xs.
Праект «Першыя» цалкам рэалізуецца на беларускай мове, у тым ліку ўсе майстар-класы і публічныя выступы фіналістаў, бо адна з мэтаў гэтага праекта – пашырэнне выкарыстання беларускай мовы і яе вядомасці ў сусветнай прасторы з дапамогай супольнасці TED.
Сацыяльна-адукацыйны праект «Першыя» рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. У мінулым годзе кампанія А1 ужо праводзіла падобны адукацыйны праект velcom YOUTH. Праект «Першыя» ў гэтым годзе праходзіць яшчэ больш маштабна – запланаваны воркшопы і адукацыйныя мерапрыемствы не толькі ў Мінску, але і ў Гродна, Гомелі, Магілёве і Віцебску.
Першы крэатон “Першыя ідэі: культура” прайшоў 18 студзеня ў Віцебску. А 1 лютага ў Магілёве адбыўся крэатон «Першыя ідэі: інклюзія», старшакласнікі з Магілёўшчыны гутарылі пра камфортнасць гарадской прасторы для людзей з асаблівымі патрэбамі і магчымасці іх удзелу ў грамадскім жыцці.
15 лютага 10-класнікі нашай школы мелі магчымасць пабываць на трэцім крэатоне “Першыя ідэі: тэхналогіі”, які праходзіў у бізнес-цэнтры “Біржа”, што знаходзіцца на пр. Касманаўтаў у Гродна. Сабралася больш за сотню старшакласнікаў і іх настаўнікаў са школ і гімназій горада.
Удзельнікі каманд разважалі, як з дапамогай сучасных тэхналогій можна зрабіць больш эфектыўным працэс навучання, а яшчэ прыдумвалі дадаткі, карысныя для нашага грамадства.
Крэатон у Гродне праходзіў надзвычай актыўна: столькі смелых, крэатыўных, карысных ідэй, якія сапраўды здольныя змяніць свет да лепшага!
Вельмі прыемна, што сярод самых актыўных генератараў ідэй былі нашы дзяўчыны Архіпава Віялета і Булаш Дар’я. Яны былі абраны (а Віялета неаднаразова) спікерамі ў сваіх камандах. Усяго іх было 10, прычым у выбары удзельнікаў каманд выкарыстоўваўся прынцып выпадковасці. Дзяўчатам прыйшлося прэзентаваць на беларускай мове ідэі сваёй групы перад сур’ёзным, кампетэнтным журы і ўсімі гледачамі крэатона. Гэта было вельмі хвалююча і адказна, як прызнаваліся пасля мерапрыемства дзяўчаты, але ўдзел у такіх цікавых воркшопах дае каласальны вопыт публічнага выступу, работы ў групе, зносін з незнаёмымі, але цікавымі і крэатыўнымі аднагодкамі. І першы вопыт для дзяўчат не прайшоў без удачы: Віта ўвайшла ў тройку лепшых спікераў па выніках другога тура, а Даша была адзначана за лепшае валоданне беларускай мовай сярод дваццаці выступоўцаў. Яны атрымалі каштоўныя падарункі ад арганізатараў крэатона.
Чатыры гадзіны адукацыйнага мерапрыемства ад кампаніі А1 прайшлі незаўважна. Атрымаўшы масу пазітыўных эмоцый, дзяўчаты вярталіся дамоў з цвёрдым намерам ў будучым годзе таксама прыняць удзел у падобным мерапрыемстве.
Дарэчы будзе сказаць, што Булаш Дар’я разам са сваёй настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Урублеўскай Э.У. падрыхтавалі відэаролік і пашыраную прэзентацыю сваіх ідэй у накірунку “Культура” і ўжо даслалі заяўку для ўдзелу ў фінале конкурсу. З гэтай нагоды на крэатоне дзяўчына дала інтэрв’ю тэлекампаніі “Гродна+”, якое можна будзе паглядзець у панядзелак 17 лютага ў вячэрніх выпусках навін і ранішніх – у аўторак 18.02.
Давайце пажадаем Булаш Дар’і ўдачы: увайсці ў дзясятку лепшых спікераў рэспубліканскага конкурсу яскравых ідэй “Першыя”!
Больш падрабязна пра конкурс і яго падзеі можна даведацца па спасылках: https://vk.com/generationa1