Экскурсія «Сакрэты даўнейшых лекаў»
Экскурсія «Сакрэты даўнейшых лекаў»
20 снежня 2019 года з мэтай знаёмства з гістарычным мінулым роднага горада вучні наведалі адзіную ў Беларусі аптэку-музей. Невялікая экспазіцыя музея адлюстроўвае гісторыю станаўлення аптэкарскай справы не толькі ў Гродне, але практычна ва ўсёй Беларусі.
Аптэка-музей размешчана ў гістарычным будынку комплексу Гродзенскага езуіцкага кляштара. Езуіты пабудавалі будынак аптэкі ў 1709 г. У гэтым памяшканні аптэка праіснавала, нягледзячы на войны і змену ўладальнікаў, аж да 1950 г.
Вучні даведаліся, што аптэка ў даўнія часы была шматпрофільнай вытворчасцю. Тут і ваду мінеральную рабілі, і розныя прысмакі — пернікі, пірожныя, шакалад, цукеркі. Лічылася, што гэтым можна было аздаравіцца. А фабрыкі па выпуску цукерак і шакаладу з’явіліся толькі ў другой палове ХІХ стагоддзя. Таксама толькі ў аптэках выраблялі духі, адэкалоны, розныя крэмы, памады.
Старажытная гродзенская аптэка славіцца не толькі каштоўнымі экспанатамі, але і знакамітымі людзьмі, якія тут працавалі. Для вучняў было навіной, што гарадскі парк ў Гродне, дзе яны так любяць адпачываць, носіць імя аднаго з самых вядомых навукоўцаў-батанікаў таго часу - Жана Эмануіла Жылібера. Менавіта ён працаваў у даўнія часы ў гэтай аптэцы і па яго просьбе была адкрыта лабараторыя, дзе вырабляліся лекавыя прэпараты з траў. Узноўлены куток старадаўняй травяной лабараторыі (“куток алхіміка”) здзівіў дзяцей сваёй чароўнай, містычнай атмасферай. З захапленнем вучні разглядалі калекцыю разнастайнага аптэчнага посуду, прылады для вырабу лекаў, медыцынскія інструменты і абсталяванне. Паказалі дзецям і пазалочаныя пілюлі, якія захаваліся ў музеі - ім больш за сто гадоў.